«Асаблівую ўвагу выклікае пашырэньне функцыяў арміі ў мірны час. Вайскоўцы афіцыйна далучаюцца да папярэджаньня ўнутранага ўзброенага канфлікту, удзелу ў інфармацыйным супрацьстаяньні „ў інтарэсах дзяржавы“, рэагаваньня на ўнутраныя крызісы і крызісы ў саюзных дзяржавах, а таксама супрацьдзеяньня памежным правакацыям», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні ўкраінскай выведкі.
У той жа час, мяркуюць у вонкавай выведцы Ўкраіны, асноўны акцэнт робіцца на сілавым складніку.
«Калі раней абарона вызначалася як сукупнасьць палітычных, праўных і сацыяльна-эканамічных захадаў, то цяпер у прыярытэце менавіта ўзброеная абарона. Згодна з абнаўленьнем, армія ва ўмовах вайны павінна ня толькі адбіваць агрэсію, а і наносіць паразу праціўніку з мэтай дасягненьня міру на ўмовах, што адпавядаюць нацыянальным інтарэсам», — патлумачылі ў Службе вонкавай выведкі Ўкраіны.
Апроч таго, асобна ўкраінскія выведнікі вылучылі пашырэньне падставаў для абвяшчэньня ваеннага становішча: «цяпер гэта магчыма ў выпадку нападу ня толькі на Беларусь, а і на саюзную дзяржаву або краіну АДКБ».
4 жніўня Палата прадстаўнікоў паведаміла аб атрыманьні праекту закону «Аб зьменах законаў у пытаньнях запэўненьня ваеннай бясьпекі і абароны», распрацаванага Міністэрствам абароны Беларусі.
Адзначалася, што законапраект распрацаваны на аснове Ваеннай дактрыны, зацьверджанай 25 красавіка 2024 году рашэньнем Усебеларускага народнага сходу, і накіраваны на ўзгадненьне зь ёю тэрміналёгіі, а таксама на ўдакладненьне і канкрэтызацыю задачаў Узброеных сілаў Беларусі.
Форум